Центр этичного отношения к природе
Ecoetika.by
16.11.2015
У Мінску быў прадстаўлены арыгінальны праект Green Up
З 9 верасня па 11 лістапада ў Мінску пры супрацоўніцтве Цэнтра этычных адносін да прыроды "Ecoetika.by" і Таварыства "Зялёная сетка" быў праведзены арыгінальны трэнінгавы курс "Green Up".
Дадзены праект рэалізоўваўся, перш за ўсё, для тых людзей, хто захацеў па-новаму зірнуць на свет, прыадчыніць для сябе заслону экалагічнага руху, пранікнуцца зялёным духам і справай. Цыкл з 10 заняткаў быў разлічаны на шырокую аўдыторыю, без пэўнай сацыяльнай, гендэрнай і прафесійнай прывязкі.
Кожнае сустрэча грынапаўцаў, якая праходзіла 1 раз у тыдзень, была прысвечана пэўнай экалагічнай тэме. Увогуле трэнеры Максім Рылькоў і Людміла Лагiноўская пастараліся зрабіць іх цікавымі і змястоўнымі для ўдзельнікаў. Заняткі праходзілі ў форме дыскусій, ролевых гульняў, абмеркаванняў, воркшопаў і лекцый.
Адна з тэм курсу была прысвечана глабальным экалагічным праблемам. Гэта дастаткова лагічна, бо нельга змагацца за выратаванне планеты, калі не разумець, што, уласна кажучы, з ёй адбываецца і ад чаго яе трэба ратаваць. Вельмі цікавай для ўдзельнікаў апынуліся практычныя модулі гэтага занятку: канструяванне штучнай экасістэмы касмічнага карабля і даследаванне гістарычных экалагічных калапсаў старажытных цывілізацый Майя, вострава Вялікадня і вікінгаў.
На занятках па тэме энергазберажэння курсанты пашырылі свае веды ў такіх галінах, як альтэрнатыўная энергетыка, выявілі ўзаемасувязі паміж энергетыкай, экалогіяй і эканомікай. Ну, а да дому яны панеслі не толькі атрыманы багаж практычных навыкаў і тэарэтычных ведаў, але і хатняе заданне: правялі аўдыт па энергазберажэнню, распрацавалі праграму змяншэння свайго вугляродна-транспартнага кроку.
На трэнінгу па тэме зялёнага спажывання ўдзельнікі высветлілі, чым варта кіравацца пры здзяйсненні пакупак, азнаёміліся з галоўным практычным механізмам яго выкарыстання - "галасавання рублём". Даведаліся таксама пра тое, як чытаць экамаркіроўку і як не трапіць на вуду сучаснага маркетынгу - "грынвошынгу".
Шэраг заняткаў курсу ўключаў у сябе разгляд і абмеркаванне экалагічнай этыкі, маралі і каштоўнасцяў, што і склала яго адмысловую "разыначку". Своеасаблівая "зялёная духоўнасць", той падмурак і першааснова, якая шмат у чым і вызначае нашы матывы, накіроўвае і натхняе нас на здзяйсненне добрых спраў, абарону прыроды.
Асобна варта вызначыць правядзенне экспертамі майстар-класаў, што здалося вельмі цікавым, наглядным і пазнавальным для ўдзельнікаў. Перш за ўсё, гэта выступленне спецыяліста ў галіне пермакультурнай практыкі экаактывiсткi Надзеі Куляшовай па тэме стварэння хатняга вермiкампосцера для перапрацоўкі харчовых адходаў. У якасці эксперта ў свеце натуральнай касметыкі выступіла Юлія Пясецкая з наборам дружалюбных да прыроды натуральных крэмаў, крышталяў-дэзадарантаў, мыльных арэхаў, дзіўных басмы, усьмы, хны.
Заняткі спрыялі і пазітыўным зменам у асабістай сферы, накіраваных на тое, каб стаць больш мудрымі, свядомымі, творчымі і актыўнымі. Акрамя таго, гэта было выдатнай магчымасцю завесці новыя знаёмствы, набыць сяброў і аднадумцаў, стаць членам унікальнай для нашай краіны экаграмадскасцi.
Калі казаць пра тое, якую праблему вырашаў праект у кантэксце грамадства, то курс быў закліканы паказаць рэальныя шляхі больш гарманічнага, экалагічна ўстойлівага ладу жыцця насельніцтва. Паменшыць свой экалагічны след, а значыць, выдатак рэсурсаў і аб'ём забруджвання навакольнага асяроддзя. Таксама трэнінг быў накіраваны на выхаванне этычных, паважлівых і каштоўнасных адносін да любога жыцця, як да раўнапраўнага партнёра, з якім мы дзелім планету. Бо нельга зберагаць і захоўваць тое, што ты па-сапраўднаму не шануеш!
ВОДГУКI УДЗЕЛЬНIКАЎ ТРЭНIНГУ
Ліза, інжынер-эканаміст, 22 гады
Інтэрнэт ўчора вырубiлi ў самы момант напісання! Водгук: Я вельмі рада, што прайшла курс "Green Up". Мне спадабалася, што на занятках былі даступна і інфарматыўна асветлены многія экалагічныя праблемы, а таксама сучаснае стаўленне чалавека да жывёл. Гэта дало падставу для разважанняў, прытым разважанняў вельмі глыбокіх, пачынаючы ад сваіх уласных учынкаў і да развіцця сучаснага свету. Актыўнасць удзельнікаў, іх неабыякавасць і ўпэўненасць, што свет можна змяніць да лепшага, толькі ўмацавалі жаданне далучыцца да зялёнага руху.
Ева, спецыяліст гасцінічнай справы, 24 гады
Дзякую выкладчыкаў-энтузіястаў Максіма і Людмілу за правядзенне курсу "Green Up"! Гэта быў асаблівы час, якi дапамог не толькі атрымаць новую і сістэматызаваць старую інфармацыю, але і знайсці аднадумцаў, зарадзіцца новымі ідэямі і энергіяй! Пабольш бы такіх курсаў :)
Аксана, культуролаг, 26 гадоў
Трэнінг папоўніў маю жыццёвую скарбонку экалагічнымі ведамі, эка-арыентаванымі паўсядзённымі звычкамі. Натхнённая нашымі сустрэчамі, я стала на шлях экодружнага ладу жыцця, з якога будзе складана звярнуць. Адным з самых цікавых заняткаў для мяне быў урок, прысвечаны тэме зялёнага спажывання. Цяпер да выбару тавараў буду падыходзіць больш сур'ёзна і сьвядома. Не хочацца рызыкаваць сваім здароўем і мірыцца са шкодай, якую прычыняюць прыродзе буйныя прамысловыя кампаніi і карпарацыі, трапляючы на вуду хітрых маркетолагаў. Буду старацца рабіць выбар на карысць экавырабаў, якiя з'яўляюцца дружалюбнымi прыродзе і карыснымi для мяне і маіх блізкіх.
Анатоль, менеджэр па продажах, 27 гадоў
На самой справе "Green Up" быў маім першым трэнінгам падобнага роду. Для мяне гэта стала, свайго роду, адкрыццём. Пачаткам, як мне здаецца, чагосьці большага. Думаю, тыя веды, якія я атрымаў на курсе, ужо дапамаглі і яшчэ дапамогуць мне ў чымсьці важным. Спадзяюся, заведзеныя знаёмства выльюцца яшчэ ў нешта новае. Так, менавіта так - вялікае, важнае, новае. Я адназначна ўдзячны ўсім, хто рабіў гэта і ўдзельнічаў у ім.