Центр этичного отношения к природе
Ecoetika.by
21.04.2017
Як мы вучылі школьнікаў гуманнаму стаўленню да жывёл
Спяшаемся парадаваць вас тым, што праблемы этычных адносін да прыроды знаходзяць усё большы водгук сярод нашага насельніцтва. Вось зусім нядаўна наш Цэнтр атрымаў запрашэнне правесці занятак з дзецьмі на базе адной з бібліятэк Мінска на тэму хатніх і бяздомных жывёл. Трэба адзначыць, што ў Цэнтра ўжо ёсць вялікі вопыт правядзення заняткаў па дадзенай тэме з дзецьмі: мы расказваем дзецям, што хатнія жывёлы падобныя да людзей, што каты і сабакі, таксама як і людзі, умеюць думаць, адчуваць, здольныя сумаваць і пакутаваць калі ім дрэнна і радавацца, калі ім добра.
Менавіта з такой размовы мы і пачалі нашу сустрэчу, якая адбылася 12 красавіка на базе бібліятэкі № 12
г. Мінска. "Мы ў адказе за тых, каго прыручылі" - гэтыя словы сталі і назвай нашага мерапрыемства, і яго лозунгам. Пра адказнае стаўленне да хатніх жывёл мы расказвалі дзецям, слухалі іх меркаваннi.
Пасля гутаркі прадэманстравалі школьнікам фільм "Асуджаныя на 5 дзён жыцця" аб Мінскім пункце прыёму і часоваму ўтрыманню жывёл ("Фауна горада"), размешчаным на вуліцы Гурскага, 42. З фільма дзецi даведаліся, да чаго прыводзіць безадказнае стаўленне чалавека да жывёл. Пагутарылi аб тым, чаму важна стэрылізаваць сваіх гадаванцаў, бо гэта самы гуманны і эфектыўны спосаб прадухілення праблемы бяздомных жывёл!
Бывае, што з жывёламі здараюцца няшчасныя выпадкі, якія назаўсёды робіць іх інвалідамі, многія з іх адбываюцца па віне чалавека. Наша актывістка Вольга Агеева, якая нават і арганізавала нашу сустрэчу са школьнікамі, распавяла сваю гісторыю пра двухлапаю сабаку, выратаваную калісьці ёй ад смерці. А таксама пра тое, што жывёла-інвалід можа жыць абсалютна паўнацэнным жыццём і радавацца кожнаму новаму дню, калі ў яго ёсць хто добры і клапатлівы гаспадар.
У нашага мерапрыемства былі і ганаровыя госці, вельмі незвычайныя і брутальныя, але ад гэтага не менш добрыя і адказныя у адносінах да братоў нашых меншых - мiнскія байкеры. Здзіўлены? Дык вось, маладыя людзі прадставілі дзецям, ды і нам таксама, праект ЗвярыныExtreme, яны распавялі як яны дапамагаюць бяздомным жывёлам і прыцягваюць увагу грамадскасці да гэтай праблемы.
У заключэнне была арганізавана фотасесія з байкерамі, у якой з вялікім задавальненнем прынялі ўдзел не толькі дзецi, але і іх педагогі, і арганізатары дадзенага мерапрыемства.
Аўтар артыкула: Таццяна Глiнкiна