Центр этичного отношения к природе
Ecoetika.by
17.06.2016
Пад будаўніцтва крамы "Міла" у Мінску было высечана 28 дрэў
Некалькі дзён таму жыхары дома №26а па вул. Малініна спынілі супрацоўнікаў "Зелянбуда", якія распачалі пілаваць дрэвы і рыхтаваць пляцоўку для будаўніцтва крамы. Тады на месца канфлікту прыбыла міліцыя, і да высвятлення ўсіх абставінаў высечка была прыпыненая. Аднак 14 чэрвеня таварышы з піламі ўсё ж давялі справу да канца.
Мясцовыя жыхары былi абураны тым, што дзе ля будаўніцтва крамы каля іх хаты спілавалі 28 дрэў, якія яны садзiлi сваімі рукамі! У знак пратэсту жыхары Серабранкі адмаўляюцца ад выбараў дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў, - паведамляе Радыё Свабода.
Нягледзячы на тое, што жыхары за 2 дні сабралі 800 подпісаў супраць будаўніцтва крамы, сустракаліся на днях з намеснікам кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна, спрабавалі данесці да яго сваю пазіцыю, мясцовыя ўлады просьбу жыхароў праігнаравалі, спаслаўшыся на тое, што ў 2013 годзе працэдура абвесткі аб продажы ўчастка была выканана.
Прадстаўнік забудоўшчыка растлумачыў Onliner.by, што ўчастак быў набыты некалькі гадоў таму на аукцыёне ўжо пасля правядзення грамадскага абмеркавання. Але жыхары дома № 26а лічаць, што ў 2013 годзе на грамадскае абмеркаванне выносіўся праект забудовы суседняга ўчастка.
Як адзначаюць у экалагічным таварыстве "Зялёная сетка", праблема з пытаннямі будаўніцтва невялікіх аб'ектаў у горадзе заключаецца ў тым, што звычайна аб грамадскіх абмеркаваннях такіх аб'ектаў ніхто не ведае і рэдка хто ў іх удзельнічае.
Інфармацыя аб правядзенні размяшчаецца на сайтах адміністрацый, на якія ніхто не заходзіць. Пры гэтым нават на сайце складана мэтанакіравана знайсці аб'яву. Такім чынам, жыхары рэагуюць і даведваюцца аб будаўніцтве толькі тады, калі ставяць плот і высякаюць дрэвы. А ў такіх выпадках ўжо ўсё ўзгоднена, і звычайна з пункту гледжання заканадаўства часта ўсё законна. Пры гэтым дамагчыся адмены будаўніцтва і забудовы зялёных зон ўжо практычна немагчыма, - распавядае каардынатар прававой службы "Зялёнай сеткі" Марына Дубіна.
Каб пазбегнуць падобных сітуацый, яна рэкамендуе мясцовым жыхарам перыядычна цікавіцца тым, што плануецца будаваць у іх раёне. Убачылі аб'явы аб грамадскіх абмеркаваннях, бяжыце ў адміністрацыю глядзець, што і як там, і цi не забудова гэтая зялёнай зоны каля вашага дому, - кажа Марына Дубіна.
Цікавым фактам з'яўляецца i тое нават, што супраць будаўніцтва крамы "Міла" мінчане выступаюць ужо не ў першы раз. У мінулым кастрычніку аналагічная гісторыя адбылася на вуліцы Лынькова, дзе кампанія "Парфум Трэйд", якой належыць сетка магазінаў "Міла" таксама выкупіла ўчастак на зялёнай зоне каля жылога дома, каб пабудаваць краму. Жыхары, калі ўбачылі, што на газоне разгортваецца будаўнічая пляцоўка, пачалі збіраць подпісы супраць будоўлі і звяртацца ў разнастайныя інстанцыі: ад мясцовага выканкаму да Адміністрацыі прэзідэнта. На шчасце, жыхарам тады ўдалося спыніць незаконную будоўлю і адваяваць зялёную зону.
Ecoetika.by заклікае прадстаўнікоў улады лішні раз падумаць, перш чым аддаваць пад забудову зялёныя зоны Мінска і лічыць, што сетцы магазінаў "Міла" неабходна абвясціць грамадскі байкот за парушэнне этычных нормаў, дапушчаных у дачыненні да людзей і прыроды.
Аўтар артыкула: Людміла Лагiноўская